#ФондаваяПятніца
У фондах нашага музея захоўваецца фотаздымак 1952 года, на якім Міхась Лынькоў, Якуб Колас і Пятрусь Броўка на тэрыторыі Дома творчасці “Каралішчавічы”. У пасляваенных умовах былы Дом творчасці ў Пухавічах было вырашана аддаць пад шпіталь інвалідаў вайны. У той жа час выявілася, што пад Мінскам засталося недабудаванае лецішча аднаго з беларускіх чыноўнікаў. Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР хутка знайшлі сродкі і зрабілі новы Дом творчасці.
У Каралішчавічах Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Іван Шамякін і іншыя беларускія пісьменнікі працавалі над сваімі творамі. Менавіта тут Якуб Колас правіў сваю знакамітую трылогію “На ростанях”. Прыязджалі сюды звычайна ўвосень і ўзімку, а ўлетку адпачынак сумяшчалі з працай.
Распарадак дня звычайна быў такі: раніцай хто вандраваў, а хто адразу садзіўся за работу, пасля абеду чыталі, заводзілі гутаркі ці, пабраўшы кіі, выходзілі на шпацыр у ягады і грыбы. Вечарам запальвалася вогнішча, для якога выкарыстоўваліся смольныя карчы. Кіраваў працэсам Міхась Лынькоў, які часта “працаваў” і карэспандэнтам – многія фотаздымкі каралішчавіцкага часу зрабіў менавіта ён. За вечаровымі гутаркамі дзяліліся вялікай колькасцю прыгод і жартаў.
Пасля пабудовы Дома творчасці пісьменнікаў “Іслач” пад Ракавам у 1986 годзе, Дом творчасці беларускіх пісьменнікаў імя Якуба Коласа (з 1956 года) быў перададзены ААТ “Мінскрамбуд”, дзе адчынілі Дом адпачынку “На ростанях”. У 2011 годзе ён быў выстаўлены на аўкцыён.
Тэкст: Карына Бадылевіч