#ФондаваяПятніца У фондах нашага музея захоўваецца зборнік паэзіі Джорджа Гордана Байрана 1963 года, куды ўвайшлі вершы-пераклады цэлай плеяды беларускіх творцаў – Язэпа Семяжона, Юркі Гаўрука, Уладзіміра Дубоўкі, Максіма Лужаніна, Максіма Танка, Еўдакіі Лось, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна і многія іншыя. Дагэтуль пераклады друкаваліся ў розных часопісах або асобных выданнях і не былі сабраныя пад адной вокладкай. Толькі ў 1963 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР адбываецца першая спроба прадставіць творы знакамітага англійскага творцы на беларускай мове. Свет убачыў зборнік “Выбранае”, які ўключыў у сябе вершы, эпіграмы і эпітафіі, паэмы, драматычныя творы і публіцыстыку Джорджа Гордана Байрана. Мастацкае афармленне кнігі выканаў ілюстратар Павел Аляксееў. Ёсць у выданні і пераклад верша “Песня для лудзітаў”, зроблены Петрусём Броўкам. Гэты твор Байрана прысвечаны англійскім ткачам, што выступалі супраць пераходу на машынную працу падчас прамысловай рэвалюцыі. Паэт абураўся складанай і безвыходнай сітуацыяй, у якой апынуліся даведзеныя да адчаю рамеснікі. Выданні твораў Джорджа Гордана Байрана на беларускай мове выходзілі яшчэ тройчы – у 1989, 2004 і 2020 гадах. Тэкст: Карына Бадылевіч