126 год таму ў свет выйшла кніга, якая паўплывала на паэзію Максіма Багдановіча. На яе аснове была створана першая нізка зборніка “Вянок” – “У зачарованым царстве”. Размова ідзе пра кнігу яго бацькі.
2 верасня 1895 года ў “Гродзенскіх губернскіх ведамасцях” (№ 68) была змешчана аб’яўка аб выхадзе новай кнігі – этнаграфічнага нарыса А.Я.Багдановіча “Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў”. Купіць выданне можна было ў Пецярбургу – у кніжных магазінах Стасюлевіча з “Нового Времени”, у Вільні – у Сыркіна, у Мінску – у Гарадзенскага, у Гродне – у тыпаграфіі Губернскага праўлення, у кніжных магазінах “Народная польза” і Міхалоўскага, а таксама ў аўтара (Новы Свет, дом Агульніка). Кошт – 60 капеек без перасылкі. А хто выпіша ў аўтара, то за перасылку не плоціць.
З абвесткі вынікае, што ў Гродне кніжку можна было купіць ажно па чатырох адрасах. Абедзве кнігарні, паводле Памятнай кніжкі Гродзенскай губерні на 1896 год, былі на вуліцы Саборнай (сучасная Савецкая): “Народная польза” – у доме Фіна, а Міхайлоўскага – у доме Левандоўскага. Тыпаграфія Губернскага праўлення знаходзілася непадалёк – на Дварцовай плошчы (сучасная Тызенгаўза). Адтуль да Новага Свету, дзе жылі Багдановічы, – таксама недалёка.